«БЕЛАРУ́СКІ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ», «Белорусский архив древних грамот»,

зборнік дакументаў па гісторыі ўсх. зямель Беларусі 16—18 ст. Першае археаграфічнае выданне дакументаў, амаль поўнасцю прысвечаных гісторыі Беларусі. Падрыхтаваны І.І.Грыгаровічам пры ідэйнай і фін. падтрымцы М.П.Румянцава, выдадзены ў Маскве (ч. 1, 1824). Змешчана 57 дакументаў, выяўленых у архівах Магілёва і Мсціслава і размешчаных у храналагічным парадку — ад сярэдзіны 15 ст. да 1768. Пераважаюць матэрыялы па сац.-эканам. гісторыі і царк.-рэліг. адносінах, у асн. датычаць Магілёва, радзей Мсціслава, Полацка, Віцебска (у т. л. прывілей вял. кн. Аляксандра правасл. духавенству 1499, Жыгімонта I правасл. епіскапам 1511, прывілей Магілёву на магдэбургскае права 1578 і інш.). 2-я частка захавалася ў рукапісе (у Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва); змяшчае 66 дакументаў за 1252—1707, у т. л. агульназемскі прывілей вял. кн. Казіміра 1447, дакументы да Брэсцкага сабора 1596, генеалагічную табліцу кн. Мсціслаўскіх. Для 3-й часткі прызначаліся дакументы 17 ст., але праца над ёю была спынена (смерць Румянцава, фін. цяжкасці, магчыма, умяшанне цэнзуры).

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 2, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)